Пинский районный исполнительный комитет

Пинский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Юбілей Васіля Маісеевіча Гарошкі, вядомай постаці ў айчыннай аграпрамысловасці, супаў з 85-годдзем утварэння Пінскага раёна

04/02/2025 16:59

Юбілей Васіля Маісеевіча Гарошкі, вядомай постаці ў айчыннай аграпрамысловасці, супаў з 85-годдзем утварэння Пінскага раёна. Палессе выгадавала сапраўднага працаўніка, чалавека і грамадзяніна.

Васіль Маісеевіч нарадзіўся ў в. Селішча Пінскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Перад тым як скончыць эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (1967), працаваў на будаўніцтве чыгуначнай дарогі і электрастанцыі, ў порце на Іртышы, на зборы ўраджаю ў Краснадарскім краі.

Па вяртанні на Піншчыну працаваў у калгасе “Аснежыцкі”: спачатку эканамістам, а з 1970 года – галоўным аграномам і намеснікам старшыні. Там падрыхтаваў і ў 1976-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па вытворчасці збожжа ў паўднёва-заходняй частцы БССР. Вучоны-аграном узначаліў адстаючы калгас імя Горкага ў в. Плешчыцы і паспяхова вывеў яго ў перадавыя. За што ў 1978 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Да 1996-га В.М. Гарошка кіраваў гаспадаркай, затым стаў дырэктарам Пінскага гідрамеліяратыўнага тэхнікума, сёння УА “Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж імя А.Я. Кляшчова”. Апошняе месца працы – намеснік дырэктара Пінскага філіяла Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

За сваю працу Васіль Маісеевіч быў узнагарожданы Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, двума ордэнамі Леніна, залатым медалём ВДНГ і каштоўным падарункам, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, за асаблівыя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці Пінскага раёна ў 2006 годзе атрымаў званне “Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна”.

У 2019-м імя Героя занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза. Лёс таленавітага хлебароба абарваўся 21 студзеня 2021 года.

31 студзеня Пінскім райвыканкамам былі арганізаваны мерапрыемствы ў гонар Васіля Гарошкі: мітынг-рэквіем з ускладаннем кветак да магілы ў Вішавічах, вечар-партрэт ў Плешчыцкім цэнтры культуры і вольнага часу з удзелам вучняў Плешчыцкай, Стытычаўскай, Жыдчанскай, Парахонскай сярэдніх школ, прадстаўнікоў ветэранскіх, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовых улад. На вечары памяці таксама прысутнічалі кіраўнікі арганізацый, якія ўзначальваў Васіль Маісеевіч: дырэктар ААТ “Плешчыцы”, Мікалай Палюховіч, намеснік дырэктара УА “Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я. Кляшчова” Алег Бегер.

Юрый Бушык,
загадчык аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:

— Ён пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну са своеасаблівай школай. Біяграфія Васіля Маісеевіча Гарошкі – гэта той жыццёвы шлях, які павінен натхняць маладое пакаленне дасягаць поспехаў у аграрнай справе.

Аляксандр Гарошка,
сын Васілія Маісеевіча Гарошкі:

— Бацька заўсёды жыў для людзей. Асфальтаваў дарогі, будаваў новае жыллё. У вёсцы Лосічы практычна ўсе дамы былі пабудаваны калгасам. Ужо ў той час ён думаў аб тым, каб моладзь і не толькі засталася працаваць на Піншчыне. Быў вельмі патрабавальным як да спецыялістаў, так і да звычайных людзей.

Лявонцій Сярэдзіч,
у мінулым намеснік старшыні райвыканкама:

— Васіль Маісеевіч Гарошка – гэта школа жыцця. Ён мог простай размовай зацікавіць сваёй любімай прафесіяй аграпрамыслоўца так, што хацелася перайсці працаваць у калгас. Я ведаў, якім быў калгас імя Горкага ў Плешчыцах да Гарошкі і якім ён стаў. Васіль Маісеевіч не пабаяўся ўзяцца за працу, наадварот, даказаў, што ён на самай справе герой.

Валерый Кулішэвіч,
дырэктар ААТ “Аснежыцкае”:

— Гэта чалавек-энергія! Ён быў такім халерыкам! Ніколі не стаяў на месцы: і з лётчыкам паспяваў пагаварыць, і з брыгадзірам, і заданне калгаснікам даць… І так выдатна ў яго гэта атрымоўвалася, быццам ён не заданне даваў, а параду. Быў вельмі простым чалавекам, мог з лёгкасцю падтрымаць любую размову, не грэбаваў паабедаць у полі з калгаснікамі. Калі Васіль Маісеевіч працаваў у гідратэхнікуме, я спытаў: “Калі б павярнуць жыццё назад, ці пайшлі б вы ў калгас?” На што ён адказаў: “Не толькі пайшоў – пабег! У мяне былі памылкі, памяняў бы толькі іх”.

Лідзія Ганчарова,
стараста аг. Плешчыцы:

— Быў патрабавальным усюды. Любое мерапрыемства, якое рыхтавалася ў калгасе, павінна было быць дасканала падрыхтаваным. Браў сцэнарый і грунтоўна яго вывучаў. Асабліва запомніліся вяселлі, вечары адпачынку без алкаголю, якія праходзілі ў Плешчыцах. Нават работнікі культуры з Мінска прыязджалі да нас, знаёміліся.

Міхаіл Заранка,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

— Васіль Гарошка самааддана любіў сваю Радзіму, якой шчыра служыў як працаўнік-хлебароб і як чалавек. Служыў так, як разумеў свой грамадзянскі абавязак перад народам і як падказвала яму яго сэрца. Лічу, што ён заслуговае таго, каб вуліца, школа ў Плешчыцах насілі яго імя.

АЛЕНА БРЫЧ, p-v.by
Фота аўтара

 

К списку новостей

Полезные ссылки