
18 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна 20 красавіка правядуць старадаўні абрад "Стрылка", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" Марыя Астаповіч.
Вясенні абрад унесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Праводзяць яго ў нядзелю праваслаўнага Вялікадня і толькі на пляцоўцы каля бездзежскага храма. Абрад пачнецца ў абед, пасля заканчэння службы ў царкве, удзельнічаць у ім могуць толькі жанчыны, дзяўчаты і дзяўчынкі. Мужчыны - гледачы. "Стрылка" нагадвае трохвугольны карагод. Першымі дзейства пачынаюць дзяўчынкі (іх называюць "зярняткамі"), потым да іх далучаюцца жанчыны розных узростаў. Узяўшыся за рукі, яны спяваюць старадаўнюю песню "Ой, ляці, ляці, Стрылка".
Аналагаў абраду няма ў Беларусі. Апошнім часам да яго ўзнік турыстычны інтарэс. "Да нас 20 красавіка тры групы едуць. З раніцы наведваюць музей, каб потым трапіць на службу і затым паўдзельнічаць, паглядзець абрад "Стрылка". Нават групу латышоў вязуць да нас. Нашы едуць турысты з Барысава, Мінска. Абавязкова будзе дэгустацыя.
Хочуць паспрабаваць і кулічы, і пафарбаваныя яйкі, і дамашнюю каўбаску, і запечанае мяса. Усё гэта будзе ў нас у музеі на сялянскім падворку", - расказала Марыя Астаповіч.
Пасля заканчэння абраду свята прадоўжыцца канцэртам. Першае аддзяленне будзе фальклорным. Потым прагучаць і сучасныя эстрадныя кампазіцыі."Адыходзяць традыцыі, але мы стараемся іх адраджаць. Бачым, што моладзь пачала больш цікавіцца народнымі традыцыямі", - заўважыла дырэктар "Бездзежскага фартушка". Дарэчы, у гэтым годзе пачаўся капітальны рамонт музея. Работы не перашкаджае правядзенню экскурсій і знаёмству турыстаў з культурным здабыткам палескай зямлі. На час рамонту экспазіцыі і майстэрні размясціліся ў будынку фондасховішча.-0-