ПІНСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

ПІНСКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
burger
Галоўная // Навіны

Лукашэнка назваў пяць галоўных праблем у сістэме вышэйшай адукацыі і чакае іх вырашэння

14/02/2024 10:00

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ назваў пяць галоўных праблем, характэрных для сістэмы вышэйшай адукацыі, і чакае іх вырашэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на нарадзе па актуальных пытаннях дзейнасці БДУ 25 жніўня 2023 года ён абазначаў шэраг праблем у сістэме вышэйшай адукацыі. Прэзідэнт пацікавіўся, што было зроблена з таго часу для іх вырашэння, і канкрэтызаваў найбольш актуальныя праблемныя пытанні. Яны датычацца, у прыватнасці, запатрабаванасці і якасці нацыянальнай адукацыі, размеркавання і адпрацоўкі пасля навучання, сітуацыі з кадрамі ў прафесарска-выкладчыцкім складзе, а таксама ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнтамі.

Аб попыце і прапанаванні на рынку працы

Першая праблема, абазначаная Прэзідэнтам, - разрыў паміж попытам і прапанаваннем на рынку працы. "Не дай бог вам рыхтаваць тое, што нам не патрэбна ў краіне", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы як быццам забылі, як у 90-я пачалі рыхтаваць натоўпы юрыстаў, эканамістаў, якія, атрымаўшы дыплом, пайшлі працаваць таксістамі і разносчыкамі піцы. Ды і цяпер пасля заканчэння ВНУ многія выпускнікі працуюць не па профілі", - заўважыў Прэзідэнт, дадаўшы, што неаднаразова звяртаў увагу на гэту тэму.

"Падрыхтоўка няпрофільных спецыялістаў, нізкая замацавальнасць на першым працоўным месцы, сыход з прафесіі - гэта недапушчальная раскоша для нашай дзяржавы. Што, нам грошы няма куды траціць? А калі ўлічыць, колькі дзяржава плаціць, то што гэта, калі не эканамічнае злачынства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў ад адказных асоб растлумачыць факты ўхілення ад адпрацоўкі, а яшчэ горш - "дагаварнякі" паміж наймальнікамі і ВНУ. "Прычым на паперы не падкапаешся. Дзе ваш кантроль? Атрымліваецца: выпусцілі і забылі. Так справа не пойдзе, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - І нагадаю: вы не камерсанты - вы рэктары ВНУ і думаць абавязаны па-дзяржаўнаму".

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на тое, каб у першую чаргу рыхтаваць кадры пад патрэбнасць айчыннага рэальнага сектара. Пакуль сістэмнай работы міністэрстваў эканомікі, адукацыі, працы і сацабароны, ды і губернатараў у гэтым пытанні не відаць, заўважыў Прэзідэнт. Урад, паводле яго слоў, таксама не стаў каардынатарам тых працэсаў, якія адбываюцца ў адукацыі.

Аб запатрабаванасці айчыннай вышэйшай адукацыі

Другая праблема, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, - гэта імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Такая тэндэнцыя, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць, але яна не катастрафічная.

Кіраўнік дзяржавы спытаў у прысутных, ці з'яўляецца гэта нейкай модай або аб'ектыўным выбарам. "Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся? Канкрэтнае пытанне, на якое я хацеў бы пачуць канкрэтны адказ. Вядома, яны могуць вярнуцца, але з поўнасцю перавернутай свядомасцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"І чаму БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты ці БДУІР не з'яўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што сацыялагічныя апытанні сведчаць аб наяўнасці такой праблемы.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, як пабудавана работа ВНУ са школамі, як яны прэзентуюць сябе выпускнікам, як узаемадзейнічаюць з прадпрыемствамі, якія павінны быць заказчыкамі кадраў.

"Як тлумачыце дэфіцыт кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Паводле маёй інфармацыі, мэтавая падрыхтоўка не вырашае праблему. І для чаго мы стварылі столькі профільных класаў, калі менш як 30 працэнтаў выпускнікоў гэтых класаў паступае па профілі?"

Размова ішла таксама аб якасці навучальных праграм: ці своечасова іх абнаўляюць, ці ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі ў навучанне. "У мяне ёсць даныя: ледзь ці не палова студэнтаў сёння незадаволены якасцю адукацыі. Мы апыталі і старшакурснікаў, і першакурснікаў. Вы чым там займаецеся? Дакладваюць, вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці. А мы ж патрабуем у заказчыка гарантаваць першае працоўнае месца. Каму патрэбны такія "спецыялісты"?" - абазначыў праблемныя моманты кіраўнік дзяржавы.

"Але з іншага боку, калі спецыялісты не адпавядаюць запатрабаванням заказчыкаў, то дзе іх, заказчыкаў, удзел у працэсе навучання? - прадоўжыў Прэзідэнт. - Чаму яны не прыходзяць у ВНУ або не вязуць сваіх будучых спецыялістаў да сябе на канвеер? Чаму вытворцы самі не ідуць у аўдыторыі? Пытанні ўсім: рэктарам, галіновым міністрам і перш за ўсё ўраду".

Аб амаладжэнні кадраў у навуцы і выкладчыцкім складзе

Прэзідэнт канстатаваў, што моладзь не вельмі ахвотна ідзе ў навуку і выкладанне, і гэта трэцяя праблема для сістэмы вышэйшай адукацыі. "А мы пры гэтым яшчэ і даём магчымасць сабе раскідвацца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Не думайце - звяртаюся да кіраўнікоў ВНУ, - што на ваш век хопіць выкладчыкаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не выключае, што пры належным размеркаванні кадраў і пераўтварэнні вучэбных праграм дэфіцыту выкладчыкаў не будзе, а хутчэй, наадварот, узнікнуць дадатковыя незадзейнічаныя кадры. Гэта ў першую чаргу сфера адказнасці рэктараў ВНУ, якія павінны ініцыяваць як абнаўленне праграм навучання, так і ўзмацніць запатрабаванне з выкладчыкаў. "Калі выкладчыкі хочуць большую заработную плату, як на Захадзе, дык трэба і працаваць, як на Захадзе - з раніцы да ночы (асабліва моладзі), каб зарабіць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на якасць падручнікаў. Прэзідэнт расказаў, што нядаўна азнаёміўся з падручнікам па філасофіі для студэнтаў ВНУ, па якім вучыцца малодшы сын Мікалай. "Слухайце, які кашмар! - даў сваю ацэнку Аляксандр Лукашэнка. - Што яны напісалі - гэта жах! Савецкія падручнікі давалі дакладныя структураваныя адказы на ўсе пытанні, а там такі хлам... Ніводны студэнт гэта не вывучыць". У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў сваё патрабаванне прывесці ў парадак падручнікі, асабліва школьныя, выклаўшы інфармацыю ў іх нармальнай, даступнай для вучняў мовай.

Закранаючы праблему старэння прафесарска-выкладчыцкага складу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што справа не столькі ва ўзросце. "Мы заўсёды беражліва ставімся да напрацаванага гадамі вопыту і мудрасці. Дай бог многім сіл і здароўя як мага даўжэй дзяліцца сваімі ведамі з моладдзю, калі гэтыя веды ёсць і яны ўдасканальваюцца ў нашых мудрых і ва ўзросце выкладчыкаў. Не жоўтыя канспекты дрыжачымі рукамі трымаць на трыбуне, а нармальныя каб былі выкладчыкі, - сказаў Прэзідэнт. - Непакоіць іншае. Хацелася б бачыць дастойную змену. Заўтра, пасля нас хто будзе? Асабліва па тых спецыяльнасцях, у якіх мае вострую патрэбу наша краіна сёння і ёсць перспектыва ў будучым".

"Запомніце, пакуль вы не пакладзяце мне новую методыку выкладання, новыя праграмы, новыя падручнікі і выкладчыкаў, якія жадаюць працаваць, - аб зарплаце забудзьце размову, - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Мы знойдзем грошы, каб заплаціць, але дайце якасны вынік. Спакойнага жыцця з сённяшняга дня ў вас не будзе. Пачынайце вярцецца, круціцца. Вы ведаеце самыя сучасныя ўзоры і ўзроўні адукацыі. Зрабіце ў сябе лепш. Вось і Год якасці".

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што сітуацыя з прафесарска-выкладчыцкім складам у вышэйшай адукацыі не крытычная, аднак па асобных напрамках, у першую чаргу тэхнічных, яна насцярожвае. Таму ён чакае ад усіх адказных асоб канкрэтных прапаноў па акрэсленай тэматыцы.

Самае важнае, што запатрабаваў кіраўнік дзяржавы, - нідзе не павінна быць самазаспакоенасці. "Гэта датычыцца ўсіх і па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ёсць сур'ёзная насцярожанасць па асобных напрамках у вышэйшай адукацыі. І наконт гэтага Прэзідэнт адрасаваў шэраг пытанняў старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандру Гучку: ці ўсе тэмы кандыдацкіх і доктарскіх актуальныя, ці самі іх пішуць прэтэндэнты на тую ці іншую ступень?

Аб сувязі адукацыі і палітыкі

"Адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай. Вы не проста даяце прафесію, вы фарміруеце светапогляд маладых людзей, - звярнуў увагу Прэзідэнт, гаворачы пра наступную праблему ў сістэме вышэйшай адукацыі. - Скажу адкрыта: вы першыя адказваеце за нацыянальную бяспеку і нясеце адказнасць за захаванне суверэнітэту краіны. Калі сярод вас да гэтага часу працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчарашніх хістальнікаў "рэжыму", то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў".

"Гэта вашых студэнтаў, адурманеных заходнімі каштоўнасцямі, мы бачылі на плошчах у 2020-м. І многія "сэнсы", якія іх вывелі на вуліцу, былі закладзены, на жаль, у вашых аўдыторыях", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце з моладдзю

Пятай праблемай для сістэмы вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка назваў нездавальняючую ідэалагічную і выхаваўчую работу з моладдзю: "Махровы бюракратызм! Усё для адчэпкі: і маладзёжныя арганізацыі, і прафсаюзы, і студэнцкія саветы, і іншае!" Наконт гэтага ў Прэзідэнта шмат пытанняў да ВНУ, Міністэрства адукацыі, урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, маладзёжнай арганізацыі: "Спыніць гэты фармалізм. Нікому нічога для птушачкі не трэба".

"Аб чым гаварыць, калі асобныя выкладчыкі, мякка кажучы, самі не з'яўляюцца ўзорамі патрыятызму. Што мы можам патрабаваць ад студэнтаў, калі, напрыклад, прафесар не можа ці не хоча кампетэнтна адказаць ім на складаныя жыццёвыя, палітычныя пытанні? - рытарычна спытаў кіраўнік дзяржавы. - У такой сітуацыі ніякія канцэрты, шоу-праграмы і іншыя флэшмобы не навучаць дзяцей шчыра любіць Радзіму, паважаць старэйшае пакаленне, берагчы гістарычную праўду". Ды і яркіх мерапрыемстваў на ўзроўні ВНУ, якія сталі б падзеяй і з'ядналі б моладзь, паводле слоў Прэзідэнта, не назіраецца.

Часта адказныя за сферу вышэйшай адукацыі захапляюцца статыстыкай і самасправаздачамі, крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, міністр адукацыі Андрэй Іванец да гэтага часу не прапанаваў кандыдатуру на вакансію намесніка міністра па ідэалогіі, хоць яна была адкрыта па яго просьбе ў лістападзе 2023 года.

"У самыя кароткія тэрміны ўнясём прапановы", - запэўніў міністр.

Падагульніўшы ўсё вышэйсказанае, Прэзідэнт адзначыў, што размова будзе няпростая: "Папярэджваю катэгарычна ўсіх, хто хацеў выступіць: самасправаздачы, самалюбаванне, вялікія "дасягненні" нам не патрэбны. Тут - савет рэктараў, які павінен прапанаваць далейшыя шляхі ўдасканалення нашай адукацыі". Тым больш што асноўныя напрамкі развіцця іншых ступеней адукацыі (у прыватнасці, дашкольнай і школьнай, сістэмы паступлення) ужо вызначаны. "З дзіцячымі садамі вызначыліся: там хапае праблем, але ведаем куды ісці. Са школай, уступнымі экзаменамі - таксама. Настаў час ВНУ", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў стварыць рабочую групу для праверкі сістэмы адукацыі па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна з сістэмай аховы здароўя. "Нам трэба, Андрэй Іванавіч (міністр адукацыі Андрэй Іванец. - Заўвага БЕЛТА), групу, як у ахове здароўя, стварыць і праверыць ВНУ. Трэба іх узварухнуць. Закасцянелі да неймавернасці!" - сказаў кіраўнік дзяржавы. У першую чаргу Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу на змест і якасць праграм навучання і разгледзець магчымасць скарачэння часу падрыхтоўкі па асобных спецыяльнасцях: "Нам трэба дакладна паглядзець у ходзе працы гэтай рабочай групы, якія будуць праграмы і пад гэтыя праграмы - адпаведную адукацыю. Можа, не пяць гадоў недзе, не чатыры гады, а тры і чатыры гады".

"Да 1 верасня мы павінны дакладна вызначыцца, што будзем рабіць. І калі трэба (а хутчэй за ўсё, трэба будзе), сустрэнемся ў канцы жніўня пасля работы той камісіі, якая будзе створана і праверыць усе ВНУ, паглядзіць, як і ў ахове здароўя. Мы падвядзём вынікі і зробім высновы, з кім далей будзем працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да рэктараў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы - інтэлектуальны пул краіны. У вашых руках сотні тысяч маладых людзей. За кожнага вы несяце адказнасць. Мною прынята рашэнне аб стварэнні Рэспубліканскага савета рэктараў з такімі шырокімі паўнамоцтвамі не для таго, каб ён ператварыўся ў нейкі дыскусійны, фармальна-бюракратычны клуб. Вы павінны былі стаць лакаматывам развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі".-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі