6 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Гаспадаркі Брэсцкай вобласці намалацілі першыя 100 тыс. т збожжа новага ўраджаю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама.
"На 6 ліпеня ў вобласці ўбрана 67 працэнтаў да плана азімага ячменю. Намалочана 100 тыс. т пры ўраджайнасці 44,3 ц/га. Завяршылі ўборку азімага ячменю 73 гаспадаркі", - расказаў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Рудзь. Да завяршэння ўборкі гэтай культуры набліжаюцца аграрыі Бярозаўскага (99 працэнтаў), Жабінкаўскага (95 працэнтаў), Драгічынскага (94 працэнты) і Пружанскага (92 працэнты) раёнаў.
У паўднёва-заходнім рэгіёне ў мінулым годзе жніво пачалося на тыдзень пазней. На бягучую дату было ўбрана крыху больш за чвэрць плошчаў азімага ячменю і намалочана 36 тыс. т.
"На гэтым тыдні пачнём уборку іншых культур. Хутчэй за ўсё, гэта будзе яравы ячмень і, магчыма, азімае жыта, пшаніца, - адзначыў Віталь Рудзь. - У Пінскім раёне ў ААТ "Валішча" выбарачна пачалі ўборку падгарэлых плошчаў азімага рапсу".
Церабленне лёну праведзена на чвэрці плошчаў. Гэту работу завяршылі ў Бярозаўскім раёне, прадаўжаецца яна ў Драгічынскім, Пружанскім, Ляхавіцкім і Баранавіцкім.
Гарачае надвор'е негатыўна паўплывала на ўсе сельгаскультуры. Дажджы, якія змянілі спякоту, пайшлі ў плюс кукурузе, цукровым буракам і бульбе.-0-