28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадставіў праграму развіцця прамысловасці рэгіёна на перыяд да 2030 года,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле слоў кіраўніка аблвыканкама, Брэсцкі рэгіён добра завяршыў мінулы год і выканаў усе пастаўленыя ўрадам задачы. Дынаміка па валавым рэгіянальным прадукце станоўчая і захоўваецца такой па ўсіх напрамках. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то тут ёсць некаторая насцярожанасць з-за замаразкаў, якія прайшлі па Брэсцкай вобласці некалькімі хвалямі і ўнеслі сур'ёзныя карэктывы ў работу аграрыяў.
Прэзідэнт асобна пацікавіўся сітуацыяй у прамысловасці, спытаўшы, ці ёсць нейкія моманты, якія насцярожваюць.
На гэта Пётр Пархомчык прадставіў кіраўніку дзяржавы дакумент, падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта, - праграму развіцця прамысловасці Брэсцкай вобласці на перыяд да 2030 года. У ёй, паводле слоў кіраўніка рэгіёна, адлюстраваны ўсе інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуюцца ў Брэсцкай вобласці. Гэта дае магчымасць убачыць рэальны стан спраў у прамысловасці рэгіёна і ацаніць перспектывы. А яны вельмі абнадзейлівыя, перакананы Пётр Пархомчык.
Паводле яго слоў, да абазначанага перыяду заработная плата павінна вырасці ўдвая. "Мы адчуваем, што зарплата да 2030 года будзе ў межах Br4,6 тыс., - сказаў ён. - Выручка на аднаго работніка вырасце да Br490 тыс."
Прэзідэнт крытычна заўважыў, што не заўсёды такія аптымістычныя прагнозы атрымліваюць рэалізацыю на практыцы. Старшыня аблвыканкама запэўніў, што абазначаныя планы разлічаны на аснове канкрэтных пілотных праектаў, якія ўжо рэалізуюцца ў рэгіёне і прафінансаваны на 30-50 працэнтаў. "Гэта значыць, мы на стадыі завяршэння гэтых праектаў і чакаем вынікі", - растлумачыў ён.
Як расказаў Пётр Пархомчык журналістам па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, мінулы год Брэсцкая вобласць завяршыла з ростам валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП), аб'ёмаў вытворчасці ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. "Гэта дынаміка захоўваецца. Рост ВРП па выніках чатырох месяцаў (бягучага года. - Заўвага БЕЛТА) складае 103 працэнты. Гэта вельмі добры вынік. Прамысловасць і сельская гаспадарка працуе ў межах 104 працэнтаў", - сказаў старшыня аблвыканкама.
Ён удакладніў, што прадстаўленая Прэзідэнту праграма будзе пры неабходнасці дапаўняцца новымі праектамі і ідэямі. Асаблівая ўвага па даручэнні кіраўніка дзяржавы будзе ўдзелена сферам суднабудавання, уключаючы вытворчасць уласнага рачнога флоту - грузавога, пасажырскага і турыстычнага, а таксама авіябудавання.
Агульны аб'ём інвестыцый, прадугледжаных праграмай, дасягае амаль Br5 млрд.
Гаворачы аб тым, на якія праекты робіць стаўку рэгіён, кіраўнік аблвыканкама адказаў, што ў Брэсцкай вобласці будуюцца два індустрыяльныя паркі - у Баранавічах і Пінску. "Мы прынялі рашэнне і паэтапна пачынаем уводзіць (у эксплуатацыю. - Заўвага БЕЛТА) вытворчыя плошчы для таго, каб (кожны. - Заўвага БЕЛТА) парк зарабіў і пачаў зарабляць", - адзначыў ён. У гэтым годзе завершыцца першы этап будаўніцтва абодвух паркаў, будуць выкананы будаўніча-мантажныя работы, падключаны неабходныя камунікацыі. Усяго работы падзелены на чатыры этапы, кожны з якіх разлічаны прыкладна на год. Да пляцоўкі ў Баранавічах ужо праяўляюць інтарэс прадстаўнікі бізнесу.
У якасці прыкладу Пётр Пархомчык прывёў вытворчасць тэхнікі кампаніі "Мідэа" ў Баранавічах. Напярэдадні запушчана вытворчасць халадзільнікаў, выраблена партыя з 2 тыс. штук, прызначаных для рынкаў Казахстана і Расіі. "Попыт на халадзільнікі, якія мы плануем выпускаць, ёсць, аб'ём будзем даводзіць да 850 тыс.", - адзначыў кіраўнік рэгіёна. Пры рэалізацыі гэтага праекта ў Беларусь прыцягнута $28,8 млн прамых замежных інвестыцый, завезена ўнікальнае тэхналагічнае абсталяванне, якое дае магчымасць на месцы вырабляць кампаненты для халадзільнікаў. Пры гэтым рэалізацыя праекта заняла кароткі перыяд часу. Як адзначыў старшыня аблвыканкама, за сем месяцаў удалося вярнуць да жыцця 60 тыс. кв.м вытворчых плошчаў, якія доўгі час выкарыстоўваліся неэфектыўна.
"Гэта прадпрыемства прадугледжвае маштабную лакалізацыю ўсіх кампанентаў, г.зн. усё, што неабходна для вытворчасці халадзільнікаў, павінна вырабляцца на пляцоўцы ў Баранавічах", - падкрэсліў Пётр Пархомчык. Паводле яго слоў, аналагічны падыход прымяняецца пры падборы і іншых праектаў - каб лакалізацыя ў Беларусі была максімальнай.
У далейшым плануецца развіваць і нарошчваць такі напрамак, як вытворчасць акумулятарных батарэй у Брэсце, Пінску, на базе індустрыяльных паркаў. "Наша задача - павялічыць як мінімум у 1,6-1,7 раза вытворчасць акумулятараў. Сёння вырабляем 800-850 тыс., задача выйсці на 1,6-1,7 млн штук рознага віду акумулятараў", - сказаў старшыня аблвыканкама. Ён заўважыў, што ў Беларусі паралельна вырашаецца і пытанне выкарыстання адпрацаваных акумулятараў: з іх атрымліваюць, напрыклад, свінцовыя пласціны.
Як паведамлялася, Прэзідэнт пры назначэнні Пятра Пархомчыка старшынёй Брэсцкага аблвыканкама ў жніўні 2024 года ставіў задачу сур'ёзна папрацаваць з прамысловасцю - сферай, якую Пархомчык раней курыраваў на пасадзе віцэ-прэм'ера.
"Чаму Пархомчык? Ды таму што з сельскай гаспадаркай вы там разберацеся разам з Міхаілам Іванавічам Русым (упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Беларусі ў Брэсцкай вобласці, які ў былыя гады быў курыруючым АПК віцэ-прэм'ерам і кіраўніком Мінсельгасхарча. - Заўвага БЕЛТА). Ён будзе ў вас працаваць адказным за вобласць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Пётр Пархомчык лепш, чым хто-небудзь, ведае сферу прамысловасці ў краіне ў цэлым і ў Брэсцкай вобласці ў прыватнасці. "Таму я вельмі спадзяюся, што мы забудзем пра ўсялякія размовы, пра праблемы з прамысловасцю, - заявіў кіраўнік дзяржавы.-0-