Філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея - археалагічны музей "Бярэсце" запрашае 31 мая на "Берасцейскую маёўку - 2025". Гэта мерапрыемства акцыі "Ноч у музеі",
паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Асаблівасць такой "Ночы музеяў" у тым, што пройдзе яна ў гістарычным месцы, дзе зарадзіўся Брэст. Наведвальнікі змогуць акунуцца ў аўтэнтычную атмасферу, каб хоць крыху зведаць, якім было жыццё ў старажытным Бярэсці. "Будзе магчымасць убачыць арыгінальныя прадметы і сучасныя рэчы, якія былі выраблены традыцыйнымі спосабамі, дакрануцца да іх. Можна паспрабаваць сябе ў нейкіх напрамках, даведацца пра розныя сферы жыцця нашых продкаў", - заўважылі ў музеі.
Мерапрыемства разлічана на тры гадзіны. Дзейства пачнецца ў 19.00. Па суседстве з "Бярэсцем" адновяць сярэдневяковы лагер. Наведвальнікам прадэманструюць, якім быў побыт у жыхароў старажытнага горада, як яны забаўляліся і абаранялі свае дамы. Напрыклад, можна будзе паназіраць і самім далучыцца да выканаўцаў гістарычных танцаў, убачыць рыцарскую амуніцыю, паўдзельнічаць у майстар-класах па стральбе з лука, паспрабаваць сябе ў стварэнні скураных вырабаў і кляпаных кальчуг. Рэканструктары правядуць рыцарскі турнір і сучасны мечавы бой. Чакаецца, што паспрабаваць сябе ў ролі рыцараў змогуць і дзеці. Для іх падрыхтуюць спецыяльную амуніцыю.
Задзейнічаюць і непасрэдна будынак археалагічнага музея. Там у 20.00 пачнецца квест. Удзельнікам прапануюць выканаць шэраг заданняў. Таксама будуць праводзіцца майстар-класы па вырабе паясоў і лялек-абярэгаў. На заканчэнне вечара для публікі выступяць творчыя калектывы.
"Бярэсце" - унікальны музей. Ён створаны на месцы дзядзінца старажытнага горада, дзе вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі ў час раскопак знайшлі драўляныя пабудовы XI-XIII стагоддзяў. Адкрыты музей у 1982 годзе. Пад шкляным купалам размешчаны раскоп са старажытнымі пабудовамі, а для наведвання адкрыты больш за дзясятак экспазіцыйных залаў.-0-